ВАСІ́ЛЬ III Іванавіч

(25.2.1479, Масква — 4.12.1533),

вялікі князь маскоўскі [1505—33]. Сын Івана III і Соф’і Палеалог. Завяршыў аб’яднанне рус. зямель вакол Масквы. Пасля смерці вял. князя літ. Аляксандра (1506), які быў жанаты з сятрою Васіля III Аленай, дамагаўся, каб яго выбралі вял. князем у ВКЛ. У 1507—08 і 1512—22 ваяваў з ВКЛ. 1.8.1514 з дапамогай М.Глінскага ўзяў Смаленск, але 8 вер. ў Аршанскай бітве 1514 маск. войска было разбіта. Мірныя перагаворы 1517 не далі вынікаў, бо Васіль III патрабаваў далучэння да Маскоўскага княства Кіева, Віцебска, Полацка і інш. Паводле перамір’я 1522 Смаленск застаўся за Масквою.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)